|
Настройки: Разшири Стесни | Уголеми Умали | Потъмни | Стандартни
СІВОЙ ВЯРБОЙ
web
Слата і змрок...
Душа пустуе,
ў смузе маркотнай далячынь...
Сівой вярбой хіба пайду я
над плёсам цішу сцерагчы.
Ўрасту карэннем моцна ў гліну,
карой адзенуся рудой,
шырока рукі разгаліню
над шэрай, соннаю вадой.
І буду жыць,
як жыў спрадвеку
увесь вакольны, вольны свет:
піць туманоў надрэчных лекі,
пух белы сеяць на траве.
І браць, раскінуўшы галіны,
і з прагай сонца і цяплынь,
у гуд услухвацца пчаліны
і ціха зерняты спяліць.
Ці раз вярбіну ўпесціць лета,
ці раз да сну утуліць снег, -
і я забуду ўсё, што ў свеце
мяне змушала паланець.
І пад карой маёй,
на ветры,
не будзе біцца ўжо й званіць
нямоўчны звон - людское сэрца,
крыніца праўды і маны.
1944
© Наталя Арсенева, 1944
© Издателство LiterNet,
15. 11. 2003
=============================
Публикация в "Антология на беларуската поезия", С.,
изд. "Панорама", 2000.
|